Стратэгія ўстойлівага развіцця Міёрскага раёна на 2022 - 2035 гады

З развіццём навукова-тэхнічнай рэвалюцыі ўзрослая моц эканомікі ператварылася ў разбуральную сілу. Свет убачыў, што прыродныя рэсурсы далёка не бязмежныя, а самааднаўленне прыроды можа быць вычарпана. У выніку чалавецтва можа патрапіць ў сацыяльна-палітычны, эканамічны і экалагічны крызісы. Паўстала неабходнасць фарміравання новай мадэлі развіцця цывілізацыі, галоўная задача якой заключаецца ў здольнасці супрацьстаяць крызісу, які надыходзіць. Канцэпцыя ўстойлівага развіцця стала спробай вырашыць гэтую праблему і з'яўляецца нармальнай рэакцыяй сусветнай супольнасці, якая імкнецца выжыць.

 

У самым агульным разуменні ўстойлівае развіццё - гэта развіццё, працяглае па часе і комплекснае па змесце, пры якім дасягаецца баланс паміж яго прыродным, сацыяльным і эканамічным кампанентамі. 

 

logokonkurs

 

1 студзеня 2016 г. афіцыйна ўступіла ў сілу Павестка дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года, прынятая сусветнымі лідарамі ў верасні 2015 г. пад эгідай Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Новая Павестка – гэта заклік да краін пачаць працу над дасягненнем 17 мэтаў устойлівага развіцця.

9B12CC06AC59FAFDB16367A5269597669FA306249F1ECB9605pimgpsh fullsize distr

 

Устойлівае развіццё на рэгіянальным і мясцовым узроўнях таксама з'яўляецца адным з важных напрамкаў развіцця, зафіксаваных у Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2030 года (НСУР-2030)

 

У НСУР-2030 паказана, што арганізацыйна-эканамічныя механізмы дасягнення задач рэгіянальнага развіцця прадугледжваюць, сярод іншых, "распрацоўку мясцовых павестак (стратэгій) устойлівага развіцця для гарадоў абласнога падпарадкавання і 5 - 6 раёнаў кожнай вобласці з мэтай забеспячэння дынамічнага развіцця тэрытарыяльных сацыяльна-гаспадарчых сістэм з улікам рацыянальнага выкарыстання мясцовых рэсурсаў і захавання навакольнага асяроддзя". 

 

Існуе два найбольш шырока распаўсюджаныя разуменні стратэгіі ўстойлівага развіцця тэрыторыі (СУРТ).

Па-першае, гэта дакумент, доўгатэрміновы план дзеянняў, накіраваных на дасягненне ўстойлівасці развіцця тэрыторыі, мясцовай супольнасці.

Па-другое, гэта працэс, які суправаджае рэалізацыю дадзенага плана, сукупнасць дзеянняў усіх удзельнікаў увасаблення ў жыццё агульных задум па развіцці тэрыторыі на прынцыпах устойлівага развіцця. 

 

Лепш за ўсё, калі гэтыя два паняцці "сыходзяцца" разам. Гэта значыць, калі існуе (альбо распрацоўваецца) Стратэгія ўстойлівага развіцця як план (тэкст), і адначасова актыўна ажыццяўляюцца мерапрыемствы, якія прасоўваюць мясцовую супольнасць у напрамку рэалізацыі стратэгіі. "Важна, каб стратэгія мясцовага развіцця была не толькі дакументам, але ў першую чаргу працэсам", - адзначаюць тэарэтыкі і практыкі руху за ўстойлівае развіццё.

 

Галоўным пазітыўным вынікам распрацоўкі і рэалізацыі мясцовай стратэгіі ўстойлівага развіцця з'яўляецца павышэнне якасці жыцця мясцовага насельніцтва. Дзякуючы чаму гэта дасягаецца? Сярод пазітыўных эфектаў ад распрацоўкі і рэалізацыі стратэгіі ўстойлівага развіцця тэрыторыі можна адзначыць наступныя, яна:

  • аб'ядноўвае, гуртуе мясцовую супольнасць для вырашэння агульных задач;
  • аб'ядноўвае разрозненыя дзеянні ў сістэму, фіксуе прыярытэты і канцэнтруе намаганні і рэсурсы на магістральных напрамках дзеянняў;
  • павышае эфектыўнасць выкарыстання наяўнага патэнцыялу, выяўляе скрытыя рэзервы развіцця і прыцягвае дадатковыя (унутраныя і знешнія) рэсурсы;
  • стварае пазітыўны імідж мясцовай супольнасці.

 

Сярод канкрэтных вынікаў распрацоўкі і рэалізацыі стратэгіі ўстойлівага развіцця тэрыторыі можна таксама назваць:

  • стварэнне дадатковых працоўных месцаў і крыніц даходу дзякуючы развіццю малога бізнесу, аграэкатурызму, рэгістрацыі грамадскіх арганізацый, адкрыцця рэсурсных цэнтраў устойлівага развіцця;
  • добраўпарадкаванне тэрыторыі, ачыстка берагоў рэк, ліквідацыя стыхійных сметнішчаў;
  • развіццё міжнародных кантактаў, навучальныя паездкі за мяжу;
  • правядзенне фестываляў, мясцовых святаў, спартыўных спаборніцтваў, мастацкіх пленэраў, адкрыццё музеяў, арганізацыя выстаў і г.д.

Міёрскі раён вядомы ўнікальнымі прыроднымі аб'ектамі, багаты рэсурсамі, адрозніваецца гасціннасцю і працавітасцю мясцовых жыхароў. Устойлівае развіццё раёна непарыўна звязанае з пытаннямі захавання прыроднай і гісторыка-культурнай спадчыны, стварэння спрыяльнага навакольнага асяроддзя для годнага жыцця кожнага жыхара раёна, падтрымкі здаровага ладу жыцця, стварэння ўмоў для эфектыўнай працоўнай дзейнасці дарослага насельніцтва і моладзі. Стратэгія ўстойлівага развіцця Міёрскага раёна - гэта не толькі распрацаваны дакумент, які адлюстроўвае ўзаемасувязь доўгатэрміновых мэтаў і бягучых задач, гэта і працэс партнёрства грамадзянскай супольнасці і мясцовай улады ў пастаноўцы мэтаў, прыняцці рашэнняў для іх дасягнення, рэалізацыі ініцыятыў мясцовай супольнасці раёна.

 

У Стратэгіі ўстойлівага развіцця Міёрскага раёна нямала аўтараў. Гэта і эксперты, і спецыялісты Міёрскага раённага выканаўчага камітэта, і супрацоўнікі праекта "Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці". Але самае галоўнае, што суаўтарамі гэтага дакумента з'яўляюцца многія актыўныя жыхары раёна, якія ўдзельнічалі ў семінарах і "мазгавых штурмах", запаўнялі анкеты, уносілі прапановы і дзяліліся ідэямі. У першых шэрагах былі члены Грамадскага савета па распрацоўцы і рэалізацыі Стратэгіі ўстойлівага развіцця, актыў мясцовых ініцыятыў, дзякуючы якім у раёне з'явіліся новыя "пункты росту", гаспадары аграэкасядзіб і прадстаўнікі мясцовага бізнесу. Сярод аўтараў - мужчыны і жанчыны, маладыя людзі і пенсіянеры, людзі розных нацыянальнасцяў, прафесій і інтарэсаў. Менавіта дзякуючы гэтаму ўдалося стварыць цэласную карціну развіцця раёна, рэалізаваць так званы міждысцыплінарны, комплексны падыход, пры якім намаганні многіх складаюцца ў магутныя дзеянні на карысць раёна, яго сучаснага і будучых пакаленняў.

 

Участие общественности

 

Удзел грамадскасці ў распрацоўцы Стратэгіі ўстойлівага развіцця Міёрскага раёна, жнівень 2019 г.

 

Міёрскі раён вельмі прыгожы, цікавы і разнастайны. Яго ўнікальная прырода і гісторыка-культурны патэнцыял - гэта агульнае багацце, якое належыць не толькі жыхарам раёна, але і ўсёй краіне, усім жыхарам нашай планеты. Наша задача - захаванне, аднаўленне і прымнажэнне гэтай спадчыны, якая дасталася нам ад продкаў.

 

Мясцовая супольнасць Міёрскага раёна павінна развівацца і ўмацоўвацца, бо яна зацікаўленая ў гэтым: жыхары раёна пражываюць побач, разам працуюць і адпачываюць, рэалізуюць сябе, гадуюць дзяцей і выхоўваюць унукаў. І людзі не абыякавыя ў дачыненні да таго, як будзе развівацца наш раён. Абсалютная большасць насельніцтва раёна гатова на агульныя дзеянні для таго, каб унікальная прырода раёна захоўвалася, па-ранейшаму цешыла мясцовых жыхароў і прыцягвала турыстаў, каб павышалася якасць жыцця, паляпшалася сфера паслуг, наш раён напаўняўся інавацыямі, а мясцовыя жыхары шанавалі традыцыі. Гэта і ёсць шлях устойлівага развіцця. Дык давайце ж пойдзем па ім разам.

 

Стратэгія ўстойлівага развіцця Міёрскага раёна, 2022 г. (спампаваць)

 

Стратэгія ўстойлівага развіцця Міёрскага раёна распрацаваная ў рамках праекта "Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці", які рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.