Моладзевая стратэгія ўстойлівага развіцця Міёрскага раёна на 2022 - 2035 гады
Удзел школьнікаў ДУА "Навапагосцкая яслі-сад - сярэдняя школа" ў распрацоўцы МСУР Міёрскага раёна, люты 2020 г.
Менавіта ў фармулёўцы Камісіі ААН па навакольным асяроддзі і развіцці змяшчаецца ключавая ідэя новай парадыгмы - разгляд устойлівага развіцця як балансу паміж пакаленнямі, якое стала асноўным прынцыпам для доўгатэрміновых глабальных мэтаў і прадстаўлена ў ключавых дакументах, такіх як "Парадак дня на XXI стагоддзе".
Сувязь пакаленняў, якая закладзена ў аснову канцэпцыі ўстойлівага развіцця, у апошнія гады набывае ўсё больш глыбокі сэнс і адлюстроўваецца ў прызнанні значнай ролі маладога пакалення ў дасягненні мэтаў устойлівага развіцця. Гэтая роля праяўляецца з аднаго боку ва ўліку інтарэсаў моладзі і забеспячэнні іх патрэбаў у рамках работы па дасягненні МУР, а з другога боку – у прызнанні ролі моладзі як рухальнай сілы ў грамадска-палітычным і сацыяльным развіцці.

Удзел школьнікаў ДУА "Міёрская сярэдняя школа № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я.А. Томкі" ў распрацоўцы МСУР Міёрскага раёна, сакавік 2020 г.
Глабальныя намаганні далі штуршок з'яўленню дакументаў па ўстойлівым развіцці і на мясцовым узроўні – "Мясцовых павестак XXI". Таксама, як і ва ўсім свеце, цэлы шэраг мясцовых супольнасцяў Беларусі, кіруючыся прынцыпам "думай глабальна, дзейнічай лакальна", распрацавалі падобныя дакументы. Аднымі з першых супольнасцяў, якія падтрымалі Мясцовыя парадкі ўстойлівага развіцця ў Беларусі, сталі г. Дзісна і в. Пераброддзе Міёрскага раёна. У 2005 г. была распрацавана Стратэгія ўстойлівага развіцця Дзісненскага краю, у 2010 г. - в. Пераброддзе і наваколля. У 2019 - 2021 гг. вялася распрацоўка Стратэгіі ўстойлівага развіцця Міёрскага раёна на 2022 - 2035 гг., якая суправаджалася інфармацыйна-навучальнымі мерапрыемствамі, уцягваннем насельніцтва, у тым ліку моладзі, у абмеркаванне пытанняў развіцця раёна і выпрацоўку напрамкаў работы на будучыню. У 2022 г. гэтая стратэгія апублікаваная.
Паступальны прагрэс Міёрскага раёна на шляху да ўстойлівага развіцця, глыбокае разуменне канцэпцыі ў цэлым і шматгадовая практыка ўкаранення ў жыццё асобных яе кампанентаў прывялі да таго, што рэгіён стаў піянерам ва ўсвядомленым уцягванні моладзі ў дасягненне мэтаў устойлівага развіцця. Менавіта ў Міёрскім раёне распрацавана першая ў краіне Моладзевая стратэгія ўстойлівага развіцця (МСУР), актыўна працуе Моладзевая палата пры Міёрскім раённым Савеце дэпутатаў.

У аснову МСУР Міёрскага раёна пакладзены абагульненыя матэрыялы сустрэч экспертаў з мясцовай моладзевай супольнасцю (школьнікамі, працоўнай моладдзю раёна), першасныя дадзеныя, атрыманыя падчас анкетавання моладзі. Для збору першаснай інфармацыі ўжываліся інтэрактыўныя апытанні ў рэжыме рэальнага часу, анлайн-формы, фокус-групы ў рамках спецыяльна створаных тэматычных супольнасцяў у сацыяльных сетках, ментальныя карты, SWOT-аналіз, мазгавыя штурмы і інш.
Пры падрыхтоўцы МСУР таксама выкарыстаная дакументацыя і статыстыка ААН, дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь, нацыянальных справаздач аб становішчы моладзі, звесткі Міёрскага райвыканкама, сельскіх саветаў раёна.
Моладзевая стратэгія ўстойлівага развіцця Міёрскага раёна, 2022 г. (спампаваць)
Моладзевая стратэгія ўстойлівага развіцця Міёрскага раёна распрацавана ў рамках праекта "Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці", які рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.