Вынікі першага велапрабегу падвялі ў Міёрскім раёне

Вынікі першага велапрабегу падвялі ў Міёрскім раёне

Пальчэх Ігар Часлававіч, пераможца велапрабегу ў намінацыях "Самы доўгі веласіпедны маршрут" і "Найбольшая колькасць наведаных населеных пунктаў у раёне"

 

У ліпені 2020 года на Міёршчыне камандай праекта "Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён" арганізаваны першы ў гісторыі раёна велапрабег. 10 жніўня былі падведзеныя яго вынікі.

 

Асноўная мэта арганізацыі велапрабегу - папулярызацыя веласіпеднага руху ў раёне і азнаямленне мясцовых жыхароў і прыезджых гасцей са славутасцямі Міёрскага краю. Асаблівасць велапрабегу заключалась у тым, што кожны ўдзельнік самастойна выбіраў дату, час і маршрут велапрабегу. Удзельнічаць можна было як адзін дзень, так і некалькі (пры вызначэнні пераможцаў улічвалася агульная адлегласць, якую праехаў удзельнік і яго час у дарозе).

 

Удзел у велапрабегу прынялі 10 чалавек. Сярод іх - і мясцовыя жыхары, і госці з суседняга Браслаўскага раёна.

 

Узнагароджанне пераможцаў адбылося па 9 намінацыях: "Самы доўгі веласіпедны маршрут", "Самы доўгі час велапрабегу", "Найбольшая колькасць наведаных населеных пунктаў раёна", "Найбольшая колькасць наведаных славутасцяў раёна", "Самае цікавае фота велапрабегу", самы дасведчаны і самы малады ўдзельнік велапрабегу, самая дасведчаная і самая маладая ўдзельніца велапрабегу. Адна з удзельніц таксама атрымала спецыяльную адзнаку арганізатараў за найбольш працяглы па маршруце і часе велапрабег сярод усіх удзельніц.

 

DSC 0583 копия

 Ставіцкі Міхаіл Тадэвушавіч, пераможца велапрабегу ў намінацыях "Самы доўгі час велапрабегу" і "Самы дасведчаны ўдзельнік велапрабегу"

  DSC 0630 копия

Васіленка Дзмітрый Сяргеевіч, пераможца велапрабегу ў намінацыях "Найбольшая колькасць наведаных славутасцяў раёна" і "Самы малады ўдзельнік велапрабегу"

 

DSC 0606 копия

Гернат Марына Леанідаўна, пераможца велапрабегу ў намінацыі "Самае цікавае фота велапрабегу"

 

DSC 0600 2

Сушко Вераніка Станіславаўна, атрымала спецыяльную адзнаку арганізатараў за актыўны ўдзел у велапрабегу

   

Пераможцы велапрабегу атрымалі памятныя сувеніры і падарункавыя сертыфікаты на прадастаўленне паслуг аграсядзібаў Міёрскага раёна, астатнія ўдзельнікі – памятныя сувеніры і сертыфікаты ўдзельнікаў.

 

- Радуе, што ўдзельнікам велапрабегу прыйшлася па душы нашая ідэя, і я ўпэўнены, што праведзены велапрабег дасць старт для развіцця роварнага руху ў раёне. Падобныя акцыі каманда праекта плануе праводзіць штогод, – адзначыў тэматычны каардынатар праекта па развіцці спорту Уладзіслаў Уткін.

 

Велапрабег быў арганізаваны ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі "Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці", які рэалізуецца Міёрскім раённым выканаўчым камітэтам, грамадскай арганізацыяй "Ахова птушак Бацькаўшчыны" і Латвійскім Сельскім Форумам пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.

 

Каманда праекта дзякуе за дапамогу ў арганізацыі велапрабегу Антона Архіпенку з Мінскага роварнага таварыства, дырэктара Чапукоўскай яслі-сад-сярэдняй школы Уладзіміра Кляўцова, а таксама гаспадара аграэкасядзібы "Жураўліная Ельня" Андрэя Літвінава, гаспадыню аграэкасядзібы "Мацейкава сяліба" Галіну Паўлоўскую, гаспадыню аграэкасядзібы "У жураўля" Святлану Жураўлёву, гаспадыню аграэкасядзібы "Ельнянскі дворык" Ксенію Маскаленка, гаспадыню аграэкасядзібы "У Касі" Касінію Казачонак і гаспадара аграэкасядзібы "Сядзіба аратага" Уладзіміра Жабёнка за прадастаўленне прызоў для пераможцаў велапрабегу.