Валанцёры адрамантавалі 12 плацін і зафіксавалі першую перамогу на Ельні

Валанцёры адрамантавалі 12 плацін і зафіксавалі першую перамогу на Ельні

11-19 верасня на старажытным балоце Ельня адбыўся валанцёрскі летнік. Людзі чынілі плаціны, каб балота не перасыхала.

 

Летнік адбыўся ў межах праекта "Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці", які рэалізуецца Міёрскім раённым выканаўчым камітэтам, грамадскай арганізацыяй "Ахова птушак Бацькаўшчыны" (АПБ) і Латвійскім Сельскім Форумам пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза. Будаўнічыя матэрыялы для плацін прафінансавала Coca-Cola HBC Belarus, партнёр валанцёрскіх летнікаў па аднаўленні Ельні з 2007 года.

 

У летніку паўдзельнічала 38 валанцёраў. Хтосьці прыязджаў на некалькі дзён, а хтосьці на цэлы тыдзень.

 

IMG 1690 фота Марыі Шуманскай

 

IMG 1495 фота Марыі Шуманскай

Фота Марыі Шуманскай

 

- Нас было 15-20 чалавек кожны дзень, - расказвае Віталіна Лабанава, спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях. - Надвор’е ўвесь час было выдатнае, толькі адзін дзень быў дождж. У 9-10 гадзін раніцы мы выходзілі працаваць, заканчвалі ў 17-20 гадзін вечара. Сабралася вельмі добрая кампанія, мы цудоўна папрацавалі і пасябравалі, збіраемся сустрэцца зноў.

 

Плаціны на Ельні моцныя і ўжо прынеслі першую перамогу: каля адной з іх канал поўнасцю пачаў зацягвацца сфагнавым імхом. Гэта знак, што балота аднаўляецца. Гэтая плаціна была пабудавана ў 2007 годзе на першым валанцёрскім летніку АПБ на гэтым балоце. Цяпер новая змена валанцёраў падрамантавала яе, каб яна працягвала добра выконваць сваю функцыю. Усяго ж падчас летніка пачынілі 12 плацін.

 

2020 09 13 16 58 14 фота Віталіны Лабанавай 1 1 1

 

- Наша плённая праца ў мінулым годзе аказалася вельмі добрая, - кажа Мікалай Чэркас, кіраўнік валанцёрскага летніка. - Дзякуючы плацінам, якія мы пабудавалі, працэс мохаўтварэння аказаўся вельмі добры, а пажар у жніўні быў не такі глыбокі. Дзве плаціны мы аднавілі поўнасцю – зрабілі ім капітальны рамонт. Я спадзяюся, што некалькі гадоў мы зможам толькі назіраць за імі і яны не будуць парушаныя. На мяне зрабіла цяжкае ўражанне, што плаціну, якую мы пабудавалі летась, людзі разбурылі і нам зноў яе давялося рамантаваць. Мы ж робім усё гэта для людзей, і збіральнікі ягад павінны помніць, што калі не будзе на Ельні вады, то не будзе і журавін. Добра відаць, што там, дзе ёсць вада, ягад больш за ўсё.

 

У летніку ўдзельнічалі і мясцовыя жыхары, і ўдзельнікі мінулых летнікаў, і тыя, для каго ўдзел у валанцёрскім летніку або візіт на балота быў першым.

 

- Пад канец дня была стомленасць, але настолькі прыемная, што і не адчувалася, што гэта была праца, - падзялілася адчуваннямі Валерыя Шчупак. - Здавалася, ты стомлены проста ад уражанняў, ад любові да прыроды. У адзін вечар ездзілі глядзець на шэрых жураўлёў – іх было так шмат, ляцяць і ляцяць! Быў адзін вечар, калі было вельмі многа зорак, Млечны шлях - я ў Беларусі яшчэ такога прыгожага неба не бачыла. А яшчэ я ўпершыню адчула пах багуна.

 

Андрэй Рашчупкін, першы намеснік генеральнага дырэктара ўнітарнага прадпрыемства "Кока-Кола Беўрыджыз Беларусія", таксама паўдзельнічаў у летніку са сваімі калегамі:

- Я валанцёру на Ельні з 2007 года, калі мы падтрымалі валанцёрскі летнік па стварэнні першых плацін на гэтым балоце. Штогод шмат нашых супрацоўнікаў выязджае на Ельню, нават былых. Я лічу, што далучанасць да такой значнай справы, прычым не толькі ў межах рэспублікі, але і ўсяго свету, вельмі збліжае людзей, павышае іх самасвядомасць і самаацэнку. Валанцёрская праца – найлепшы цім-білдынг, эфектыўнейшы за любыя семінары і трэнінгі. Ельня – месца, якое пакідае ў душы вялікі пазітыўны след. Мы вельмі радыя, што ўбачылі вынікі нашай працы і што мелі магчымасць паразмаўляць з захавальнікамі Ельні. Дзякую гэтаму мы бачым, што праца валанцёраў знаходзіць разуменне і водгук у душы мясцовых жыхароў.

 

Цікава, што падчас валанцёрскага летніка запачаткавалася новая традыцыя. Валанцёры, якія летась хацелі паўдзельчаць у летніку, але не змаглі, прыехалі пасля на Ельню і пакінулі запіску-наказ валанцёрам гэтага года. Тыя падхапілі ініцыятыву і напісалі запіску ўжо валанцёрам 2021 года. Калі хочаце даведацца, што там напісана, запісвайцеся ў наступным годзе на летнік! За абвесткамі пра набор у валанцёрскія летнікі сачыце на сайце ptushki.org і ў сацсетках АПБ.

 

2020 09 16 16 54 21 фота Віталіны Лабанавай 1 1

Фота Віталіны Лабанавай

 

Вялікі дзякуй усім валанцёрам, што дапамагалі сёлета рамантаваць плаціны на Ельні: Юрый Грэбень, Алена Майсюк, Ганна Ганчарык, Марыя Касцюковіч, Наталля Шавель, Ганна Каштальян, Наталля Лядвік, Аляксей Патапенка, Яўген Шарыкаў, Інэса Дроніна, Карына Сітнік, Максім Шаранговіч, Анастасія Крэч, Марына Карабанава, Вікторыя Парэчына, Андрэй Захарэўскі, Вольга Турло, Аляксей Парошын, Валерыя Шчупак, Ян Клапоцкі, Ханна Папова, Алесь Крот, Кацярына Падасінавік, Арцём Пруднікаў, Любоў Дударэвіч, Уладзімір Кузняцоў, Марыя Шуманская, Анастасія Тоўсцік, Вольга Раманоўская, Іван Барок, Алена Бандарук, Андрэй Літвінаў, Кася, Арцём і Мікалай Казачонкі, Ксенія Маскаленка, сям’я Федуковічаў, сям’я Мацураў, каманда Coca-Cola HBC Belarus.