Устойлівае развіццё Міёрскага раёна: на аснове багатага прыроднага патэнцыялу, новай эканомікі і грамадскай актыўнасці

Устойлівае развіццё Міёрскага раёна: на аснове багатага прыроднага патэнцыялу, новай эканомікі і грамадскай актыўнасці

У канцы загалоўка можна было б паставіць і пытальнік... Тым больш, што ў дадзеным выпадку мы гаворым пра некаторыя высновы, да якіх прыйшлі навукоўцы па выніках праведзеннага ў раёне ў сакавіку-красавіку даследавання "Прыярытэты і патрэбы жыхароў Міёрскага раёна ў фокусе пабудовы эфектыўнага доўгатэрміновага партнёрства мясцовых органаў улады і грамадзянскай супольнасці праз працэс распрацоўкі і рэалізацыі Стратэгіі ўстойлівага развіцця Міёрскага раёна". Спецыялісты ТДА "Віцебскі бізнес-цэнтр", што праводзілі апытанне, атрымалі каля 100 запоўненых анкет, а таксама ўзялі інтэрв'ю ў прадстаўнікоў мясцовай улады і грамадскіх актывістаў Міёршчыны.

 

"Ці ведаюць у раёне, што такое ўстойлівае развіццё?" – паспрабавалі даведацца даследчыкі. І іх чакаў прыемны сюрпрыз: 67% рэспандэнтаў ‒ жыхароў раёна звязваюць гэта паняцце з комплексным развіццём, дзе ўлічваюцца інтарэсы прыроды, грамадства і эканомікі. Эксперты па ўстойлівым развіцці такі вынік могуць растлумачыць тым, што менавіта ў Міёрскім раёне (у Дзісненскім краі ў 2005 годзе) была распрацаваная адна з першых у краіне мясцовая стратэгія ўстойлівага развіцця. У 2010 годзе вёска Пераброддзе далучылася да справы па ўстойлівым развіцці – тут таксама была распрацаваная і надрукаваная адпаведная стратэгія. Тым не менш, згодна з вынікамі нядаўняга апытання, 23% жыхароў Міёршчыны разумеюць пад устойлівым развіццём эканоміку. І гэта нядзіўна ў сувязі з доўгім перыядам панавання канцэпцыі супер-важнасці эканамічных перамог і ўлады над прыродай.

 

Звяртае на сябе ўвагу і вялікі працэнт адказаў "Не ведаю" на пытанне аб моцных баках, слабасцях, магчымасцях і пагрозах устойліваму развіццю раёна: ад 14% да 33%. Тут бачыцца неабходнасць адукацыйных мерапрыемстваў, распаўсюду інфармацыі пра раён і паспяховыя гісторыі развіцця іншых тэрыторый, далучэння людзей да розных мясцовых ініцыятываў і "тусовак", у тым ліку праз Інтэрнэт.

 

На думку апытаных, галоўнымі фактарамі сілы раёна з'яўляюцца прыродны патэнцыял і экалагічны турызм, а слабасцямі – эканоміка, дарогі і інфраструктура. У якасці пагроз развіццю большасць адказаўшых на пытанні называе дэмаграфічную праблему і сусветны крызіс, а сярод магчымасцяў – прыцягненне інвестыцый і грантаў, падтрымку прыватнага бізнэсу, развіццё чалавечага патэнцыялу.

 

Прыярытэтнымі, па меркаваннях апытаных, з’яўляюцца сацыяльныя пытанні, якія немагчыма вырашыць без паскарэння эканамічнага развіцця з улікам клопату пра экалогію.

 

У той жа час характэрна выказванне: "Не ўсе мясцовыя жыхары разумеюць, што Ельню трэба зберагаць, добраўпарадкоўваць месцы адпачынку, прыбіраць смецце, рыхтаваць гідаў, падтрымліваць валанцёраў". Адным са шляхоў вырашэння гэтых праблем бачыцца рэспандэнтам каардынацыя гэтай справы нядаўна створаным Грамадскім саветам па распрацоўцы і рэалізацыі Стратэгіі ўстойлівага развіцця Міёрскага раёна. Ёсць спадзяванні і на актывізацыю мясцовай моладзі.

 

Гэтыя меркаванні падцвярджаюцца дадзенымі аб тым, што 35 - 50% апытаных гатовыя ўдзельнічаць у грамадскай дзейнасці. Зараз жа, па дадзеным даследвання, толькі 17% жыхароў прымаюць удзел у грамадскіх справах, з’яўляюцца сябрамі недзяржаўных арганізацый. Такім чынам, сацыяльная актыўнасць у раёне можа, як мінімум, быць падвоеная. Самыя запатрабаваныя сферы грамадскай дзейнасці ‒ гэта экалогія і здаровы лад жыцця.

 

"Разам, у партнёрстве мясцовай улады і грамады, праз распаўсюд перадавога вопыту і актыўную жыццёвую пазіцыю, на прынцыпах устойлівага развіцця, – можна дасягнуць многага" – такія думкі жыхароў Міёршчыны дадаюць аптымізму.

 

Сацыялагічнае даследаванне "Прыярытэты і патрэбы жыхароў Міёрскага раёна ў фокусе пабудовы эфектыўнага доўгатэрміновага партнёрства мясцовых органаў улады і грамадзянскай супольнасці праз працэс распрацоўкі і рэалізацыі Стратэгіі ўстойлівага развіцця Міёрскага раёна" праведзена ў рамках праекта "Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці", які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Міёрскім раённым выканаўчым камітэтам, грамадскай арганізацыяй "Ахова птушак Бацькаўшчыны" і Латвійскім Сельскім Форумам.

Фота Паўла Марцінчыка