У Міёрах пройдзе заключная канферэнцыя праекта "Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён"!

У Міёрах пройдзе заключная канферэнцыя праекта "Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён"!

У маі 2019 года Міёрскі раённы выканаўчы камітэт атрымаў грант Еўрапейскага саюза ў памеры амаль мільён еўра для ажыццяўлення ў супрацоўніцтве з грамадскай арганізацыяй "Ахова птушак Бацькаўшчыны" і Латвійскім сельскім форумам трохгадовага праекта "Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці". Прыйшоў час падвесці вынікі працы.

 

Дзякуючы праекту на Міёршчыне палепшана развіццё базавай інфраструктуры, сацыяльных і экалагічных аб’ектаў, у тым ліку абсталяваны спартыўныя пляцоўкі, кемпінгі, назіральныя вышкі, падоўжаны драўляны насціл знакамітай экалагічнай сцежкі "Азяраўкі-Ельня", добраўпарадкаваны гарадскі парк "Паўвостраў", мадэрнізавана інфраструктура сістэмы аховы здароўя.

 

Вялікая роля праекта заключалася ў навучанні мясцовых жыхароў. Праектны офіс правёў серыю семінараў і трэнінгаў па развіццю мясцовых рэсурсаў і арганізацыі мясцовых святаў, гендэрнай роўнасці і роўных магчымасцях, напісанні праектных заявак, адукацыйныя мерапрыемствы для валанцёраў, экскурсаводаў, майстроў, фермераў, гаспадароў аграэкасядзіб і іншых зацікаўленых.

 

Упершыню міярчане навучыліся распрацоўваць праектныя заяўкі і паўдзельнічалі ў конкурсе мясцовых ініцыятыў. Конкурсная камісія абрала 10 пераможцаў, на ініцыятывы якіх з бюджэту праекта было выдзелена 200 000 еўра. Конкурс стаў штуршком для развіцця грамадскай актыўнасці і прадпрымальніцтва на Міёршчыне,  аўтары цікавых ідэй атрымалі магчымасць іх рэалізаваць і сталі прыкладам для іншых.

 

У канцы 2019 года пры раённым Савеце дэпутатаў (упершыню ў Беларусі!) створаны Грамадскі савет па распрацоўцы і рэалізацыі Стратэгіі ўстойлівага развіцця Міёрскага раёна, галоўная задача якога - прыцягнуць мясцовых жыхароў да абмеркавання і вырашэння мясцовых праблем. У склад савета ўвайшлі прадстаўнікі грамадскасці, мясцовай улады, арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў раёна. З ўдзелам членаў Грамадскага савета і іншымі зацікаўленымі распрацаваны Стратэгія ўстойлівага развіцця Міёрскага раёна і Моладзевая стратэгія ўстойлівага развіцця.

 

Інавацыя праекта - у развіцці вясковага раёна на аснове мясцовых брэндаў - жураўлёў, журавін і балота Ельня. З мэтай стварэння цэласнага іміджу Міёршчыны для айчынных і замежных турыстаў спецыялісты вядомага ў краіне крэатыўнага агенцтва "Малако" распрацавалі брэндбук Міёрскага краю.

 

Што канкрэтна было зроблена і палепшана ў Міёрскім раёне за тры гады праекта, які працяг атрымаюць мясцовыя ініцыятывы, як праект паўплываў на жыццё мясцовых людзей і дапамог зрабіць раён больш турыстычным - аб гэтым і іншым і пойдзе гаворка на заключнай канферэнцыі, якая адбудзецца 15 красавіка ў г. Міёры.

 

"Праект "Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён" – добры прыклад таго, як на аснове стратэгічнага падыходу, мясцовых брэндаў і арыентуючыся на прынцыпы ўстойлівага развіцця трэба развіваць вясковы рэгіён. Мадэль устойлівага сацыяльна-прыродна-эканамічнага партысіпатыўнага развіцця Міёрскага раёна, якая распрацавана і апрабіравана ў межах праекта, прадэманстравала сваю жыццяздольнасць і эфектыўнасць. Гэтую мадэль могуць выкарыстоўваць і іншыя раёны Беларусі" – адзначыў менеджар праекта Алег Сівагракаў.