У Дзісне з’явіўся мурал з партрэтам Язэпа Драздовіча

У Дзісне з’явіўся мурал з партрэтам Язэпа Драздовіча

У самым маленькім горадзе Беларусі намаляваны, бадай, самы вялікі ў краіне партрэт знакамітага мастака Язэпа Драздовіча (1888-1954). Завітвайце ў Дзісну і шукайце двухпавярховік па адрасе Юбілейная, 27.

 

Графіці зроблена ў межах праекта "Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці", які рэалізуецца Міёрскім раённым выканаўчым камітэтам, грамадскай арганізацыяй "Ахова птушак Бацькаўшчыны" і Латвійскім сельскім форумам пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.

 

Эскіз графіці стварыў стрыт-артар Алесь Kontra, а распісаў сцяну яго калега Яўген Сасюра.

 

- Каб распрацаваць канцэпцыю графіці, я пачаў шукаць матэрыялы па гісторыі Дзісеншчыны, - расказаў Алесь. - Было шмат ідэй, але самай выдатнай падалася канцэпцыя ўвекавечыць Драздовіча, які пачаў навучанне менавіта ў Дзісенскай гімназіі і ступіў тут на мастацкі шлях, робячы замалёўкі мясцовых краявідаў. Язэп Драздовіч шмат падарожнічаў, але часта вяртаўся сюды. Ён тут не толькі маляваў графічныя пейзажы з натуры, але і запісваў для слоўнікаў народную лексіку краю, фальклор, склаў зборнік "Песні Дзісеншчыны". На эскіз я дадаў некалькі нябесных аб’ектаў з базавай астраноміі - навукі, якая паўплывала на Драздовіча. Пейзаж на эскізе - рукі Драздовіча, гэта яго родны засценак Пунькі, дзе ён нарадзіўся і жыў у маленстве.

 

Ідэя і малюнак вельмі спадабаліся мясцовым жыхарам. Падчас роспісу сцяны многія падыходзілі да Яўгена і дзякавалі.

 

- Паколькі подпіс я зрабіў у самым канцы, мінакі часта пыталіся, каго гэта я малюю, - расказаў Яўгер Сасюра. - Большасць не ведалі, хто такі Драздовіч. Але некалькі чалавек яго пазналі. Адна бабуля нават расказвала, што бачыла ў дзяцінстве, як ён распісваў нейкія тканіны, і падрабязна апісвала, як ён выглядаў.

 

Яўген Баран, старшыня Дзісенскага гарадскога выканаўчага камітэта, адзначыў, што стварэнне мурала - знакавая падзея для Дзісны.

 

- Гэта першае графіці такога кшталту ў нашым горадзе, і мы ўпэўненыя, што яно прывабіць турыстаў, - кажа ён. - Сімвалічна і невыпадкова, што акурат побач з графіці знаходзіцца будынак былой вучэльні, у якой чатыры класы скончыў Язэп Драздовіч. 

 

Гэта не адзінае графіці ў Міёрскім раёне, створанае ў межах праекта. Язэп Драздовіч вядомы сваімі дыванамі-маляванкамі, і ў мінулым годзе ў Міёрах Алесь Kontra намаляваў такі стылізаваны дыван, на якім можна пабачыць 10 славутасцяў раёна. А ў вёсцы Пераброддзе ён распісаў краму фірмовым патэрнам Міёршчыны, а будынак былой такарнай піларамы - прыродна-бытавым сюжэтам у стылі падвойнага ткацтва.

 

Прызджайце, калі ласка, у Дзісну, падарожнічайце па Міёрскім краі і дзяліцеся сваімі здымкамі на фоне муралаў у сацсетках!