Падведзены вынікі конкурсу мясцовых ініцыятыў у Міёрах

Падведзены вынікі конкурсу мясцовых ініцыятыў у Міёрах

У сакавіку ў Міёрскім раёне праходзіў збор заявак на конкурс мясцовых ініцыятыў. У выніку працы конкурснай камісіі былі адабраны 10 пераможцаў, двое з якіх атрымаюць фінансавую падтрымку ў памеры 60 000 еўра, астатнія – па 10 000 еўра.

 

Нягледзячы на тое, што мясцовыя жыхары вельмі слаба на сённяшні дзень знаёмыя з удзелам у грантавых праграмах, маюць недастатковы досвед у праектнай працы, а многія з іх яшчэ зусім нядаўна пачулі замежны тэрмін "фандрайзінг", на конкурс паступіла 29 заявак! Падчас падрыхтоўкі для канкурсантаў быў арганізаваны семінар па напісанні праектных заявак, праводзіліся кансультацыі з камандай праекта і запрошаным экспертам, што надало ўпэўненасці прадстаўнікам мясцовай супольнасці і падштурхнула іх да больш актыўных дзеянняў.

 

Хто ж стаў пераможцам конкурсу? Аб чым мараць жыхары Міёрскага раёна? Якія задумы ператворацца ў жыццё дзякуючы фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза? Што будзе спрыяць устойліваму развіццю рэгіёна?

1. Міёрская раённая арганізацыя грамадскага аб'яднання "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі" на базе музейнага аб'яднання Міёрскай сярэдняй школы № 3 будзе рэалізоўваць ініцыятыву па стварэнні моладзевай інтэрактыўнай культурна-гістарычнай пляцоўкі "Спадчына Міёрскага краю" для ўключэння моладзі ў вывучэнне, захаванне і прасоўванне гісторыка-культурнай спадчыны рэгіёна.

2. Прыватная ўстанова "Устойлівыя рашэнні" рэалізуе ініцыятыву па актывізацыі партнёрства мясцовых жыхароў у рамках добраўладкавання зоны адпачынку на беразе возера Мядзведак.

3. Прысядзібная гаспадарка Павяцкай яслі-сад-сярэдняй школы будзе рэарганізавана ў дэманстрацыйна-адукацыйную пляцоўку па вытворчасці і рэалізацыі экалагічна чыстай прадукцыі з ужываннем тэхналогій арганічнага земляробства дзякуючы ініцыятыве Павяцкага сельскага Савету дэпутатаў.

4. Аграсядзіба "Ельнянскі панадворак" атрымае магчымасць абсталяваць міні-майстэрню для вырабу размаляваных сувенірных пернікаў з выявай славутасцяў Міёрскага раёна, знакаў і лагатыпаў святаў, якія праводзяцца ў раёне, з выкарыстаннем распрацаванага ў рамках Праекта брэнда.

5. Міёрская раённая арганізацыя Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў на базе тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва створыць "сацыяльнае кафэ" для грамадзян сталага веку і асоб з абмежаванымі магчымасцямі для асваення такіх неабходных у сучасным свеце навыкаў, як аплата камунальных паслуг праз інтэрнэт, заказ талона да ўрача, замаўленне дастаўкі тавараў і прадуктаў харчавання, зносіны са сваякамі, якія пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь і іншых.

6. Аграсядзіба "Мацейкава сялiба", што ў вёсцы Пераброддзе, плануе павысіць турыстычную прывабнасць тэрыторыі праз захаванне і папулярызацыю культурнай і прыроднай спадчыны пры дапамозе рэкламных мерапрыемстваў, семінараў, майстар-класаў, адукацыйных праграм, святаў, праз жывыя зносіны з носьбітамі традыцыйнай культуры і экспертамі.

7. Сацыяльна-інфармацыйная ўстанова "Захаванне і развіццё Ельні" будзе займацца стварэннем якаснага, модульнага, зразумелага і рознабаковага веласіпеднага маршруту ля знакамітага балота.

8. Сялянска-фермерская гаспадарка "Дэмскі сад" плануе пашырыць магчымасці самазанятасці насельніцтва праз развіццё садоўніцкай дзейнасці ‒ закладку плантацыі дурніц, а таксама распаўсюджванне досведу вырошчвання пладова-ягадных культур.

9. Ёсць сярод пераможцаў конкурса і прадстаўнікі суседняга раёна: актыўныя браслаўчане вырашылі падзяліцца ідэямі з суседзямі і дапамагчы ў цікавай справе. Браслаўскае раённае грамадскае аб'яднанне трансгранічнага супрацоўніцтва "Еўрарэгіён "Азёрны край" плануе павышаць экалагічную культуру ў выхаванцаў Міёрскага яслі-саду № 1 г. Міёры з дапамогай стварэння інавацыйнай экалагічнай пляцоўкі "Дакраніся да прыроды сэрцам". Дзеці атрымаюць магчымасць, знаходзячыся на тэрыторыі ўстановы адукацыі, "наведваць лес", вывучаць расліннасць, будуць самі высаджваць культурныя расліны і так, спазнаючы свет прыроды, навучацца аберагаць яе і захоўваць.

10. Прыватная установа "Жыватворчая крыніца" будзе ствараць арыгінальную экасістэму, займацца азеляненнем і добраўладкаваннем паркавай тэрыторыі ў г. Дзісне, дзе з’явяцца зоны адпачынку, малыя архітэктурныя формы, алея бэзу, дзіцячая пляцоўка і птушыныя закуткі.

 

Арыс Адлерс, член журы конкурсу, прадстаўнік партнёрскай арганізацыі праекта – Латвійскага Cельскага Форуму – так каментуе вынікі: "На конкурс паступіла вялікая колькасць цікавых заявак. Але асабіста я аддаваў перавагу інавацыйным праектам, праектам, якія адказваюць патрабаванням сучаснага свету, адпавядаюць прынцыпам устойлівага развіцця і праектным заяўкам, пададзенным ад НДА. Перамога ў конкурсе гэта далёка не ўсё. Самае складанае наперадзе. Усім пераможцам спатрэбіцца адказнасць і асабістая арганізаванасць, каб рэалізаваць свае гучныя прапановы. Будзем сачыць за іх поспехамі".

А жадаючых спрычыніцца да справы ўстойлівага развіцця раёна, паваланцёрыць ці дапамагчы ў канкрэтных ініцыятывах – сардэчна запрашаем! За інфармацыяй звяртайцеся ў Праектны офіс.

 

Конкурс мясцовых ініцыятыў праходзіў у рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі "Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці", які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Міёрскім раённым выканаўчым камітэтам, грамадскай арганізацыяй "Ахова птушак Бацькаўшчыны" і Латвійскім Сельскім Форумам.