Жураўліная сям'я "пасялілася" ў цэнтры Міёраў

Жураўліная сям'я "пасялілася" ў цэнтры Міёраў

Цяпер круглы год у Міёрах можна пабачыць жураўліную сям'ю: на набярэжнай усталявалі скульптурную кампазіцыю з птушкамі, якія сталі адметнасцю Міёрскага раёна.

 

Тут, на поўначы Беларусі, падчас міграцыі можна пабачыць тысячы шэрых жураўлёў. Удзень яны кормяцца на палях, а ўвечары адлятаюць на балоты. У верасні турысты з'язджаюцца паназіраць за гэтымі "чырванакніжнымі" птушкамі. Падчас экалагічнага свята "Жураўлі і журавіны Міёрскага краю" арнітолагі ладзяць спецыяльную пляцоўку з назіральнымі трубамі: жураўлі вельмі асцярожныя і не падпускаюць чалавека блізка, нават калі гуртуюцца ў вялікія чароды на палях. А зараз, калі птушкі гняздуюцца ў недаступных кутках мясцовых балот, іх можна часам пабачыць, калі яны пралятаюць у небе.

 

Цяпер жа паказаць славутую птушку і расказаць пра яе дзецям, зрабіць здымкі на памяць з грыцыёзнымі жураўлямі можна ў любую пару года. Два дарослыя жураўлі і двое іх птушанят упрыгожылі Міёры дзякуючы праекту "Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён", які рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы Еўрапейска саюза. Скульптурную кампазіцыю стварыў вядомы беларускі скульптар Валянцін Борзды.

 

Я даўно ўцягнуты ў прыродаахоўную дзейнасць, шмат удзельнічаў у валанцёрскіх летніках, таму з радасцю адгукаюся на прапановы, звязаныя з гэтай тэмай, - расказаў Валянцін. Раней я рабіў скульптуру ласосяў у Астравецкім раёне, дзе нерастуюць гэтыя рыбы. І зараз, калі прапанавалі зрабіць жураўлёў, з задавальненнем узяўся за справу. Узнікла ідэя зрабіць каркасных, каб была меншая паруснасць. Я рабіў эскізы з дроту, арнітолагі давалі праўкі па анатоміі, каб форма цела нагадвала менавіта жураўля, а не бусла або чаплю. У выніку атрымалася пазнавальна.

 

IMG 20220429 135405

 

Канцэпцыю скульптуры і яе размяшчэнне распрацоўвалі разам прадстаўнікі Міёрскага райвыканкама, супрацоўнікі праекта і мясцовыя жыхары. У выніку птушкі "пасяліліся" на пляцоўцы насупраць ЗАГСа і натхняюць людзей сваім прыкладам дружнай сям’і.

 

У Міёрах вельмі прыгожая, маляўнічая набярэжная каля возера, дзе вельмі прыемна гуляць. Завітай туды і ты! Прагуляйся па горадзе, схадзі на экскурсію на балота (выбірай свайго гіда тут) – у другой палове траўня тут белым пухнатым дываном расцвіце падвей, адпачні ў аграэкасядзібе, наведай славутасці раёна, якому ёсць чым здзівіць.