Запрашаем да супрацы экспертаў па распрацоўцы Стратэгіі ўстойлівага развіцця Міёрскага раёна

Запрашаем да супрацы экспертаў па распрацоўцы Стратэгіі ўстойлівага развіцця Міёрскага раёна

Міёрскі раённы выканаўчы камітэт аб'яўляе аб адкрыцці вакансій на пасады экспертаў  (3 чалавекі) па распрацоўцы Стратэгіі ўстойлівага развіцця Міёрскага раёна ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці” (далей  - “Праект”), які фінансуецца Еўрапейскім саюзам. Праект рэалізуецца Міёрскім раённым выканаўчым камітэтам у партнёрстве з Грамадскім аб'яднаннем “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і Латвійскім Сельскім Форумам (праект зарэгістраваны ў базе дадзеных праграм і праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі 28 лютага 2019 г., рэгістрацыйны нумар 2/19/000981).

 

Працадаўца: Міёрскі раённы выканаўчы камітэт, Рэспубліка Беларусь, Віцебская вобласць, г. Міёры, вул. Дзяржынскага, 17.

Занятасць: заключэнне дагавора падраду.

Тэрмін выканання работ: з 10.02.2020 г. па 30.04.2020 г.

Месца выканання работ: г. Міёры, Міёрскі раён.

Аб'ём працы кожнага з экспертаў: 30 рабочых дзён.

 

Абавязкі і асноўныя функцыі:

Эксперты 1 і 2:

  • ажыццяўляюць распрацоўку Стратэгіі ўстойлівага развіцця (СУР) Міёрскага раёна. Гэты дакумент, яго публікацыя і рэалізацыя на працягу тэрміна дзеяння праекта закладзе аснову для навукова абгрунтаваных паслядоўных дзеянняў мясцовых органаў улады і грамадзянскай супольнасці ў напрамку ўстойлівасці (больш падрабязна метадалогія распрацоўкі СУР раёна выкладзена ў Дакуменце Праекта);
  • арыентуюцца ў сваёй працы на інавацыйныя падыходы ў рэгіянальным і мясцовым развіцці, якія інтэгруюць ў адзіны вектар прыродныя, сацыяльныя і эканамічныя фактары развіцця і якія базуюцца на асноватворных прынцыпах УР (у тым ліку – нацэленасць на дасягненне вобраза жаданага будучага, выкарыстанне мясцовых рэсурсаў, партнёрства ўдзельнікаў працэсу распрацоўкі і рэалізацыі стратэгіі і інш.);
  • ажыццяўляюць аналіз развіцця тэрыторыі Міёрскага раёна, у тым ліку на аснове меркаванняў жыхароў раёна, раней распрацаваных планавых, даследчых і прагнозных дакументаў, а таксама вынікаў праведзенага SWOT-аналізу (пры неабходнасці – праводзяць дадатковыя сустрэчы з Грамадскім саветам па распрацоўцы і рэалізацыі СУР Міёрскага раёна, а таксама з жыхарамі раёна), выяўляюць асаблівасці патэнцыялу раёна, тэндэнцыі і абмежаванні;
  • выпрацоўваюць прыярытэты і напрамкі развіцця раёна і яго асобных тэрыторый (сельсаветаў, гарадоў Міёры і Дзісна), распрацоўваюць сцэнарыі рэалізацыі гэтых напрамкаў;
  • на аснове сувязяў рэгіянальнай стратэгіі з падобнымі распрацоўкамі для Віцебскай вобласці, а таксама з Нацыянальнай стратэгіяй устойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2030 года (НСУР-2030) ўдакладняюць асноўныя фактары і тэндэнцыі, а таксама прыярытэты развіцця раёна.

Вынікі праведзенай працы афармляюцца ў выглядзе справаздачы (аб'ёмам не менш за 70 старонак тэксту/кегель Times New Roman 12, праз адзін інтэрвал) і перадаюцца заказчыку. Пры гэтым Эксперт 1 вядзе распрацоўку пераважна эканамічнага і сацыяльнага кампанента СУР, а Эксперт 2 – пераважна прыроднага і экалагічнага напрамкаў. Эксперты працуюць разам, інтэгруючы свае часткі працы ў агульны тэкст Стратэгіі.

 

Эксперт 3:

  • распрацоўвае Моладзевую Стратэгію ўстойлівага развіцця (МСУР) Міёрскага раёна па метадалогіі і на прынцыпах, аналагічных для СУР раёна, але з акцэнтам на інтарэсы дзяцей і моладзі, адлюстраванне іх поглядаў і ідэй, у тым ліку на перспектывы развіцця раёна; 
  • праводзіць (з удзелам тэматычнага каардынатара Праекта) сустрэчы з моладдзю (дзецьмі, школьнікамі, працуючай моладдзю), у тым ліку з выкарыстаннем ролевых гульняў, SWOT-аналізу, мазгавых штурмаў, падчас якіх фіксуе ідэі і прапановы для МСУР і затым абагульняе іх, інтэгруючы ў агульны тэкст; 
  • супрацоўнічае з Экспертамі 1 і 2 для забеспячэння комплекснасці аналізу і сістэмнасці ў змесце МСУР.

Вынікі праведзенай працы афармляюцца ў выглядзе справаздачы (аб'ёмам не менш за 70 старонак тэксту /кегель Times New Roman 12, праз адзін інтэрвал) і перадаюцца заказчыку.

 

Патрабаванні да экспертаў:

  • вышэйшая адукацыя і агульная пісьменнасць;
  • вопыт праектнай дзейнасці, добрае веданне Міёрскага раёна, яго прыроды, эканомікі, сацыяльнай сферы;
  • веданне нормаў заканадаўства і асноўных прынцыпаў арганізацыі працэсаў;
  • веданне асноваў ўстойлівага развіцця (УР) і «зялёнай» эканомікі;
  • камунікабельнасць (уменне знаходзіць агульную мову з рознымі людзьмі, пераконваць, завязваць і падтрымліваць патрэбныя знаёмствы ў інтарэсах праекта);
  • ўменне апрацоўваць вялікія аб'емы разнастайнай інфармацыі, арганізоўваць і праводзіць сходы, перамовы, весці дзелавую перапіску;
  • веданне і валоданне адмысловымі кампутарнымі праграмамі (Excel, Word, Power Point);
  • пісьменнае валоданне беларускай і рускай мовамі;
  • высокая арганізаванасць, адказнасць, уважлівасць, стрэсаўстойлівасць, здольнасць прымаць аптымальныя рашэнні ў нестандартных сітуацыях, уменне працаваць у жорсткіх часовых рамках.

Перавагамі будуць карыстацца кандыдаты, якія:

  • валодаюць ангельскай і іншымі замежнымі мовамі; 
  • маюць папярэдні вопыт распрацоўкі мясцовых і рэгіянальных стратэгій устойлівага развіцця і/або падобных дакументаў;
  • маюць апублікаваныя навуковыя (навукова-практычныя) працы па сацыяльна-эканамічнай тэматыцы;
  • маюць вучоную ступень кандыдата (доктара) навук.

Памер аплаты вызначаецца на аснове тэндэрных прапановаў і перамоваў.

 

Для ўдзелу ў конкурсным адборы прэтэндэнты высылаюць на электронны адрас Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду. з паметкай “Эксперт па СУР” наступныя дакументы:

  • матывацыйны ліст;
  • рэзюмэ;
  • камерцыйную (тэндэрную) прапанову аб памеры аплаты.

Крайні тэрмін падачы дакументаў на конкурс – 4 лютага 2020 г.

 

Пра вынікі конкурсу ўдзельнікі будуць праінфармаваныя. Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне +375(29)7121803 (Святлана Чакушка, адміністратыўны асістэнт Праекта) ці па электроннай пошце Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду..