Як не згубіцца ў анлайн? Жыхароў Міёршчыны навучылі "фішкам" SMM

Як не згубіцца ў анлайн? Жыхароў Міёршчыны навучылі "фішкам" SMM

7-8 траўня ў Мёрах (Міёрах) прайшоў трэнінг па SMM - прасоўванні ў сацыяльных сетках.

 

Трэнінг быў арганізаваны ў межах праекта "Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці", які рэалізуецца Міёрскім раённым выканаўчым камітэтам, грамадскай арганізацыяй "Ахова птушак Бацькаўшчыны" і Латвійскім сельскім форумам пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.

 

PXL 20210508 064453770 1 

Як весці сацсеткі, каб людзям было цікава за імі сачыць? Разабрацца дапамагала спецыялістка АПБ Вікторыя Кірылава.

 

- Трэнінг аказаўся вельмі актуальным для мясцовых гідаў, фермераў, гаспадароў аграэкасядзіб, спецыялістаў заказніка "Ельня", - расказала Вікторыя. - Сацсеткі - вялізны рэсурс для прасоўвання. Я падрыхтавала шмат практычных заданняў, і ўдзельнікі трэнінгу з цікавасцю і стараннасцю іх выконвалі. Разабраліся з тым, хто ж іх мэтавая аўдыторыя, як з ёй працаваць, пра што і як правільна пісаць тэксты, як рабіць якасныя здымкі, якія сторыз публікаваць, як афармляць старонкі ў сацсетках.

 

PXL 20210508 064511001 1

 

Наталля Саракавік, спецыялістка АПБ па развіцці турызму:

- Мне здаецца, што калі і можна казаць пра станоўчыя эфекты мінулага 2020 года і сітуацыі з COVID-19, то гэта пераход у анлайн усіх, хто раней яшчэ не хацеў, не мог, баяўся. Цяпер можна смела сцвярджаць, што калі тваёй паслугі няма ў сеціве, то яе зусім няма. Мы арганізавалі трэнінг па асновах SMM для мясцовых гідаў, уладальнікаў аграэкасядзібаў, рамеснікаў, каб дапамагчы ім прыцягнуць турыстаў, расказаць пра паслугі, якія яны прапануюць, зрабіць гэта прыгожа і карэктна з пункту гледжання прасоўвання.

 

Валерыя Барок вядзе інстаграм заказніка "Ельня". Яна падзялілася ўражаннямі ад трэнінгу:

- Трэнінг быў вельмі карысны. Узяла на ўзбраенне праграмы і платформы для рэдактуры тэксту, апрацоўкі фатаграфій. Выдатна, што была практыка, на якой мы разбіралі нашы акаўнты, дазналіся, што ў нас добра, а што можна палепшыць. Мы ніколі не запускалі таргетаваную рэкламу, а цяпер я даведалася, як гэта рабіць і як ацаніць яе эфектыўнасць. З новымі ведамі з'явілася ўяўленне, куды рухацца далей.

 

PXL 20210508 093132242 1

 

Зычым усім удзельнікам трэнінгу новых пастаянных падпісчыкаў!