Ваша меркаванне важна для нас! Запрашаем жыхароў Міёрскага раёна прыняць удзел у другім этапе сацыялагічнага даследавання!

Ваша меркаванне важна для нас! Запрашаем жыхароў Міёрскага раёна прыняць удзел у другім этапе сацыялагічнага даследавання!

Па замове Міёрскага раённага выканаўчага камітэта ў рамках праекта "Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці", які фінансуецца Еўрапейскім саюзам, Віцебскі бізнес-цэнтр праводзіць другі этап сацыялагічнага даследавання. Яго мэта - высветліць прыярытэты і патрэбы насельніцтва ў фокусе пабудовы эфектыўнага доўгатэрміновага партнёрства мясцовых органаў улады і грамадзянскай супольнасці праз распрацоўку і рэалізацыю Стратэгіі ўстойлівага развіцця Міёршчыны.

 

За аснову другога этапу даследавання ўзятыя вынікі першага, які праходзіў летась у выглядзе пісьмовага апытання. Трэба было запоўніць анкету з 15 пытанняў, паказваючы моцныя і слабыя бакі Міёрскага раёна, прапаноўваючы, што тут варта зрабіць перш за ўсё, у тым ліку для моладзі.

 

Зараз па выніках леташняга анкетавання будуць праведзеныя глыбінныя інтэрв'ю з прадстаўнікамі ўлады і ініцыятыўнай грамадскасці, а таксама анкетаванне насельніцтва, што носіць ананімны характар. Даследчыкі хочуць даведацца аб тым, што змянілася ў лепшы бок за час рэалізацыі праекта, ці згодныя вы з такім-та сцвярджэннем, у чым корань той ці іншай праблемы, як яе лепш вырашаць, чаго не хапае вашаму населенаму пункту, і аб іншых момантах развіцця раёна.

 

Запоўніць анкету можна па спасылцы на Google-форму. Ці яе спампаваць, запоўніць і адправіць па адрасе vitbiz@mail.ru. Можна запоўненую ад рукі раздрукоўку сфатаграфаваць або адсканаваць, а затым адправіць на гэты электронны адрас.

 

- Заклікаем да ўдзелу ўсіх неабыякавых жыхароў Міёршчыны, у тым ліку працоўныя калектывы, - звяртае ўвагу дырэктар Віцебскага бізнэс-цэнтра Леанід Шур - Прымаем анкеты да 15 лістапада. Дакладнасць і эфектыўнасць даследавання шмат у чым залежаць ад колькасці апытаных. Іх павінна быць не менш за 50. Улічым кожнае меркаванне. Толькі мясцовыя жыхары маюць права вырашаць будучыню свайго краю.

 

Спецыялісты Віцебскага бізнес-цэнтра апрацуюць і прааналізуюць дадзеныя даследавання. Вынікі стануць вядомыя ў снежні. Яны будуць апублікаваныя і абмеркаваныя камандай праекта "Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці", экспертамі, навукоўцамі, мясцовай уладай, а таксама разгледжаны на чарговым пасяджэнні Грамадскага савета па распрацоўцы і рэалізацыі Стратэгіі ўстойлівага развіцця Міёрскага раёна. На іх аснове будзе будавацца далейшы план дзеянняў па развіцці раёна.

 

Леанід Шур пракансультуе па запаўненні анкеты. Тэлефануйце + 375 (29) 713 83 94.