Новыя перамогі міярчан у футболе і валейболе

Новыя перамогі міярчан у футболе і валейболе

У рамках праекта "Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён", які фінансуецца Еўрапейскім саюзам, 26 - 27 верасня ў Міёрах прайшлі адкрытыя турніры па міні-футболе сярод ветэранаў і па валейболе сярод жаночых каманд. У абодвух выпадках удача апынулася на баку міярчан.

 

Годныя канкурэнты

Баталіі пачаліся ў суботу пасля сумеснага ўрачыстага адкрыцця. Стала горача і шумна.
Ля сеткі высвятлялі, хто лепш, дзяўчаты з Міёр, Наваполацка і Верхнядзвінска.

 

Яшчэ задоўга да фінальных баталій стала зразумела - перамога дастанецца або камандзе Наваполацка, або камандзе "Міёры-1". Дзве самыя моцныя дружыны турніру развязалі бескампрамісную барацьбу, прыкаваўшы да сябе ўвагу публікі.

 

Нашыя дзяўчаты - лепшыя!

Міярчанкам усё ж удалося дабіцца перавагі ў свой бок. У выніку "Міёры-1" на першым месцы. Ім саступілі госці з Наваполацка і Верхнядзвінска.

 

За каманду-лідара выступалі Маргарыта Граковіч (капітан), Лізавета Скавародка і Юлія Грэцкая (нападаючыя), Паліна Бандарэнка і Таццяна Арсоба (пасуючыя). Судзейства прызнала Лізавету лепшай нападаючай, а Маргарыту - самым каштоўным гульцом. Тытул найлепшай звязваючай дастаўся навапалачанцы Вераніцы Карнянок.

 

І цэлай пляцоўкі мала

Паралельна з валейболам кіпелі футбольныя жарсці. Адразу на дзвюх гарадскіх пляцоўках змагаліся восем каманд - з Міёр, Шаркаўшчыны, Наваполацка, Новалукомля, Браслава і Верхнядзвінска.

 

- Па выніках гульняў першага дня перайшлі ў фінальную частку турніру каманды "Міёры-1", "Палімір", "Нафтан" і "Браслаў", – распавядае Алег Грыгаровіч, гулец каманды "Міёры-1". - Па кругавой сістэме яны вызначалі, хто зойме першае-чацвёртае месцы.

 

Інтрыга захоўвалася да апошніх хвілін

Са слоў Алега Станіслававіча, гульні праходзілі вельмі эмацыйна. Кожнае ачко было на вагу золата. Да апошніх хвілін захоўвалася інтрыга.

 

Але і на гэты раз перамогу замацавала са сабой каманда "Міёры-1", якую прадстаўлялі Андрэй Чарняўскі, Вячаслаў Колас, Вадзім Каранеўскі, Алег Грыгаровіч, Мікалай Шамёнак, Сяргей Арлоў, Дзмітрый Гаўрыловіч і Максім Гарахоўскі.

 

У тройку мацнейшых таксама ўвайшлі "Нафтан" і "Палімір". Найлепшым брамнікам турніру прызнаны Вадзім Каранеўскі з Міёр, бамбардзірам - браслаўчанін Уладзімір Фёдараў. Званне лепшага гульца забраў Руслан Гнядкоў ("Нафтан").

 

Пераможцам і прызёрам у абодвух відах спорту ўручылі медалі. Лідарам дасталіся яшчэ і кубкі. Лепшыя гульцы, кожны ў сваёй намінацыі, атрымалі статуэткі. Дадаткова тры наймацнейшыя каманды турніру па валейболе ўзнагароджаныя памятнымі значкамі, аформленымі ў адпаведнасці з брэндбукам нашага краю. Футбольныя заўзятары ўрачыста падаравалі прызы любімым гульцам - Генадзю Кутышаву і Тахіру Ахмадаліеву ("Палімір"), Дзмітрыю Гаўрыловічу і Максіму Гарахоўскаму ("Міёры-1").

 

Тэкст Ігара Матэленка

Крыніца: раённая газета "Міёрскія навіны"