"Незаўважныя" расліны побач: як захавальнікі Ельні знаёміліся з мясцовай флорай

"Незаўважныя" расліны побач: як захавальнікі Ельні знаёміліся з мясцовай флорай

17-18 ліпеня ў Міёрах прайшоў семінар для захавальнікаў Ельні – валанцёраў грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны" (АПБ), якія сочаць за захаваннем дзікай прыроды гэтага старажытнага верхавога балота. Яны пазнаёміліся бліжэй з мясцовымі раслінамі.

 

Семінар складаўся з тэарэтычнага і практычнага заняткаў і прайшоў у межах праекта "Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён", які рэалізуецца Міёрскім райвыканкамам у партнёрстве з АПБ і Латвійскім сельскім форумам і фінансуецца Еўрапейскім саюзам.

 

- Пасля вымушанай адсутнасці мерапрыемстваў у канцы вясны і пачатку лета мы хацелі даць магчымасць захавальнікам паўтарыць тыя рэдкія віды раслін і жывёл, што мы вывучалі раней, і даць магчымасць вывучыць новыя, - расказала спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях Віталіна Лабанава. - Гэтым разам асноўны ўпор рабіўся менавіта на расліны, прычым тыя, якія можна знайсці ўлетку.

 

Спецыяльна для гэтага АПБ запрасіла спецыяліста з БДУ, кандыдата біялагічных навук Максіма Джуса.

 

- Я двойчы праводзіў заняткі з захавальнікамі Ельні, - кажа ён. - Гэта патрэбная для іх справа. Яны не біёлагі, а проста аматары прыроды. Іх цікавасць да раслін была не толькі ў тым, каб знаходзіць рэдкія віды і дапамагаць перадаваць іх пад ахову, але і ў тым, каб ведаць звычайныя віды і паказваць іх турыстам падчас экскурсій на прыродзе: у многіх удзельнікаў семінара ёсць аграэкасядзібы. Падчас тэарэтычных заняткаў удзельнікаў некалькі разоў тэставалі, і яны пачалі добра запамінаць расліны. На экскурсіі, акрамя звычайных відаў, мы знайшлі некалькі месцаў марошкі і журавіны дробнаплодныя.

 

Цікава ведаць. Марошка ўключаная ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь і сустракаецца толькі на поўначы нашай краіны. Знайсці яе можна па характэрных лісцях, якія захоўваюцца нават зімой. Гэтым разам удзельнікі знайшлі некалькі кусцікаў з ягадамі, што не так проста, бо марошка - двудомная расліна, і для апылення патрэбныя як мужчынскія, так і жаночыя асобіны.

 

Захавальнікі вывучылі асноўныя прыкметы раслін, на якія трэба звяртаць увагу, тыповыя біятопы (прыродныя асяродкі) для рэдкіх відаў, асновы збору гербарыя для адпраўкі на праверку спецыялістам і неабходныя дадзеныя для напісання пашпартоў для аховы.

 

На наступны дзень семінара быў палявы выхад для адпрацоўкі ведаў на практыцы. Удзельнікі наведалі лясныя, балотныя і азёрныя біятопы ў гідралагічным заказніку "Балота Мох" (ключавая тэрыторыя для біяразнастайнасці "Цікіны астравы"), дзе вучыліся знаходзіць і вызначаць на практыцы розныя віды раслін, а таксама адпрацоўвалі прыёмы навігацыі і занясення знаходак у міжнародныя базы дадзеных (inaturalist).

 

- Семінар дапамог захавальнікам атрымаць новыя веды, замацаваць іх на практыцы і зразумець, што знайсці віды з Чырвонай кнігі рэальна нават недалёка ад уласнага дома, - адзначае спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях Віталіна Лабанава. - А для навігацыі і вызначэння відаў досыць простага смартфона з функцыяй gps. Спадзяемся атрымліваць ад нашых захавальнікаў дадзеныя аб самастойных знаходках, каб зрабіць ахову гэтых унікальных месцаў дзікай прыроды яшчэ больш надзейнай і ўстойлівай.

 

Памятка:

Калі знойдзеш рэдкі від у дзікай прыродзе, сфатаграфуй яго, а таксама біятоп (месца) і запішы каардынатары. Гэтыя дадзеныя можна даслаць спецыялісту з Акадэміі навук альбо БДУ ці ў АПБ для праверкі. Гэта дасць магчымасць перадаць пад ахову месца вырастання рэдкіх відаў раслін і пазбегнуць іх далейшага знікнення.

 

Тэкст: Віталіна Лабанава, Алеся Башарымава