Міёрскія гіды рыхтуюцца сустракаць турыстаў

Міёрскія гіды рыхтуюцца сустракаць турыстаў

25 верасня ў Міёрах (Мёрах) прайшоў трэнінг для мясцовых жыхароў, якія будуць працаваць у заказніку "Ельня" турыстычнымі гідамі.

 

Трэнінг прайшоў у межах праекта "Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці", які ажыццяўляецца Міёрскім раённым выканаўчым камітэтам у партнёрстве з грамадскай арганізацыяй "Ахова птушак Бацькаўшчыны" і Латвійскім Сельскім Форумам і фінансуецца Еўрапейскім саюзам.

 

Яго правёў доктар біялагічных навук, прафесар Генадзь Сушко. На адмысловым палявым выхадзе ўдзельнікі трэнінгу прапрацоўвалі матэрыял для правядзення экскурсіі па экасцежцы "Азяраўкі-Ельня". Разам са спецыялістам яны разабралі асноўныя віды флоры і фаўны, з якімі будзе цікава і карысна пазнаёміцца турыстам, адзначылі асноўныя этапы вядзення экскурсіі і важныя моманты пры працы з групай. Асобнае месца заняло пытанне тэхнікі бяспекі на балоце.

 

MVIMG 20200925 110929

 

MVIMG 20200925 114644

 

Галіна Урбановіч, гаспадыня агроэкасядзібы "У вадаспаду" ў вёсцы Бабарыкі:

- Праведзены трэнінг - добрая дапамога ў падрыхтоўцы да здачы экзамену на кваліфікацыю гіда. Я планую вадзіць турыстаў па экасцежцы. На экскурсіях буду паказваць, як растуць журавіны, бо Ельня - лідар у Беларусі па яе запасах. Пакажу тры віды расянкі, раскажу пра нашых птушак - чорнаваллёвага гагача, пардву і, вядома, пра нашых жураўлёў.

Ельня ў нас модніца, яна змяняе свае ўборы ў залежнасці ад сезону. Вясной, калі квітнее падвей, Ельня паўстае перад турыстамі ў пяшчотна-салатавых і белых танах, улетку, калі квітнеюць чаротнік і верас, - у аліўкава-ліловых, а ўвосень, калі багун пачынае мяняць афарбоўку, - у вохрыста-залаціста-аранжавых. Зімой, у мароз, можна прагуляцца па Ельні на лыжах, тут роўная тэрыторыя.

 

MVIMG 20200925 145150

 

Наталля Саракавік, спецыялістка АПБ па развіцці турызму:

- Ельня робіцца ўсё больш і больш папулярным турыстычным напрамкам. Гэта зразумела нават па росце колькасці машын на паркоўцы каля экасцежкі. Некаторыя турысты прыязджаюць і аглядаюць сцежку самастойна, аднак большасць з іх хочуць даведацца больш аб гэтай экасістэме і шукаюць суправаджэння.

У межах праекта ў нас ёсць магчымасць падтрымаць актыўных мясцовых жыхароў, якія ў перспектыве хочуць аказваць паслугі па суправаджэнні груп ці нават стаць акрэдытаванымі гідамі. Таксама для абмену вопытам і ведамі мы праводзім сустрэчы з дзейнымі гідамі і вузкімі тэматычнымі спецыялістамі.

Спадзяемся, што ўсё больш людзей будзе ўключацца ў гэтую дзейнасць. Бо падрыхтаваны гід - гэта выдатна не толькі з пункту гледжання турыста, але і з пункту гледжання прасоўвання экапрыязнага турызму.

 

Адкрывай для сябе Міёрскі раён – месца, якое здзіўляе!