Міёрскаму краю прысвецяць мабільны дадатак і відэаролікі

Міёрскаму краю прысвецяць мабільны дадатак і відэаролікі

Каб паказаць прыгажосць дзікай прыроды і турыстычныя цікавосткі Міёршчыны, будзе распрацаваны мабільны дадатак з элементамі квэсту і знятыя два ролікі, прысвечаныя паўночнаму кутку Беларусі.

 

Адзін з відэаролікаў будзе прасоўваць Міёрскі раён як цікавы аб’ект для турызму, а другі патлумачыць важнасць і прыгажосць Ельні – знакамітага верхавога балота, слаўнага сваімі журавінамі і мноствам жураўлёў, якія гняздуюцца там і адпачываюць падчас міграцыі.

 

Мабільны дадатак для турыстаў будзе ўключаць інфармацыю пра мясцовыя славутасці і месцы адпачынку і будзе створаны ў інтэрактыўным фармаце.

 

Плануецца, што да канца ліпеня будуць абраныя выканаўцы гэтых прац. Тэрміны могуць удакладняцца.

 

На далейшых этапах прадугледжана абмеркаванне канцэпцый мабільнага дадатка і відэаролікаў з Грамадскім саветам па распрацоўцы і рэалізацыі Стратэгіі ўстойлівага развіцця Міёрскага раёна. Калі вы не ўваходзіце ў савет, але хочаце ўзяць удзел у абмеркаванні, паведаміце пра гэта да 30 чэрвеня ўключна па тэлефонах + 375 (2152) 5 18 84 ці + 375 (2152) 5 18 85.

 

Наталля Саракавік, спецыяліст праекта па развіцці турызму:

- Задача мабільнага дадатку і відэаролікаў – умацаваць турыстычны брэнд Міёршчыны. Для больш камфортных паездак можна будзе скарыстацца дадаткам, які дапаможа скласці план падарожжа па раёне. Відэаролікі дазволяць комплексна ўявіць, што вас чакае ў падарожжах. Усё гэта, несумненна, прыцягне больш турыстаў, бо прыгажосць Ельні і ўсяго Міёрскага краю не могуць пакінуць абыякавымі.

 

Відэаролікі і мабільны дадатак будуць распрацаваныя ў межах праекта "Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці", які рэалізуецца Міёрскім раённым выканаўчым камітэтам, грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і Латвійскім Сельскім Форумам пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.