Майстры Міёршчыны рыхтуюць адметныя сувеніры для гасцей раёна

Майстры Міёршчыны рыхтуюць адметныя сувеніры для гасцей раёна

17-18 ліпеня рамеснікі Міёрскага раёна сабраліся на трэнінг па вырабе сувеніраў з воўны, каб падрыхтавацца да мясцовага экалагічнага свята.

 

Яно мае адметную назву – "Жураўлі і журавіны Міёрскага краю", бо гэты паўночны рэгіён Беларусі славуты сваімі балотамі, журавінамі і магчымасцю паназіраць за тысячамі шэрых жураўлёў, што спыняюцца тут адпачыць падчас міграцыі на поўдзень.

 

Трэнінг адбыўся ў межах праекта "Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён", які рэалізуецца Міёрскім раённым выканаўчым камітэтам, АПБ і Латвійскім сельскім форумам пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.

 

Пад творчым кіраўніцтвам Вольгі Камінскай удзельнікі трэнінга распрацавалі эскізы тэматычных сувеніраў, а потым паводле некаторых з іх зрабілі прыгожыя журавіны і жураўлікаў. Сувеніры вырабляліся з воўны тэхнікамі сухога ды мокрага валяння.

 

Калі Ксенія Маскаленка ўпершыню трапіла на трэнінг Вольгі, то думала, што прыйдзе проста паназіраць: ёй здавалася, тэхніка валяння не для яе. Але ў канцы трэнінга ў Ксеніі былі свае выдатныя работы, і з таго часу яна кожны раз стараецца трапіць на заняткі з Вольгай.

– Падчас майстар-класа мы зрабілі маленькага жураўліка і брошку-журавінку. Планую нарабіць такія сувеніры да экалагічнага свята "Жураўлі і журавіны Міёрскага краю". Летась я змайстравала да свята каля 20 магнітаў – няшмат, бо баялася, ці спадабаецца людзям. Але іх усе раскупілі вельмі хутка!

 

MVIMG 20200717 140600

 

MVIMG 20200717 140625

 

Галіна Паўлоўская таксама падзялілася ўражаннямі ад удзелу ў трэнінгу:

- Уражанні самыя найлепшыя, таму што вяла майстар-клас цудоўны майстар – яна ўмее рабіць усё, а галоўнае, ведае, як наладзіць работу ў рознаўзроставай групе, дзе ёсць і дзеці, і моладзь, і сталыя людзі. Для кожнага ў яе знайшлося заданне па сілах, усе былі задаволеныя і шчаслівыя і доўга не маглі разысціся – так цікава ўсім было. Кожнаму Вольга давала падказкі, абнадзейвала, што ўсё атрымаецца. Лямец – мой любімы матэрыял. У маёй аграэкасядзібе "Мацейкава сяліба" ёсць куток "Мацейкавы рамёствы", які складаецца з музея сельскага побыту і майстэрні дзе знаходзіцца выстава вырабаў з воўны і дзе я праводжу са сваімі гасцямі майстар-класы. Але павучыцца ў іншых майстроў мне заўсёды цікава, і дзякуй вам за такую магчымасць, бо Вольга – майстар з вялікай літары.

 

MVIMG 20200717 140643

 

Наталля Саракавік, спецыялістка праекта па развіцці турызму:

- Свята "Жураўлі і журавіны Міёрскага краю" з кожным годам робіцца ўсё больш папулярным. На яго прыязджаюць новыя турысты, і ўсім хочацца забраць з сабой кавалачак гэтых чароўных мясцінаў. Вядома, самым папулярным сувенірам становяцца свежыя журавіны, але яны не так доўга захоўваюць памяць пра свята. Таму мясцовыя майстры працуюць над тым, каб прапанаваць гасцям новыя і арыгінальныя сувеніры, якія дазволяць у думках вяртацца да гэтых на дзіва прыгожых мясцінаў. Мы радыя, што праз год працы праекта майстры ўсё больш смелыя ў сваіх дызайнах і ідэях і з задавальненнем працягваюць развівацца ў творчасці.

 

Экалагічнае свята "Жураўлі і журавіны Міёрскага краю" адбудзецца 19 верасня. Вельмі раім на ім пабываць, пачаставацца журавінавымі прысмакамі, набыць экалагічна чыстых журавін з мясцовых балот, паназіраць за шэрымі жураўлямі ў падзорную трубу, палюбавацца адметнымі краявідамі і, вядома, набыць на памяць ды ў падарунак сябрам сувеніры, зробленыя рукамі мясцовых майстроў.

 

Тэкст: Алеся Башарымава