Брэндбук Міёрскага раёна

НАВОШТА ПАТРЭБНЫ БРЭНДБУК?

Брэндбук Міёрскага раёна распрацаваны крэатыўным агенцтвам "Малако" з мэтай пазіцыянавання раёна ў турыстычным кантэксце.

 

Пазіцыянаванне раёна дапаможа зразумець кожнаму, хто будзе ладзiць турызм у Міёрскім раёне, як менавіта падаваць раён, каб яго вобраз станавіўся цэласным у свядомасці мэтавай аўдыторыі (патэнцыйнага турыста Міёрскага краю). Пры гэтым пазіцыянаванне дапаможа расказаць пра галоўныя турыстычныя славутасці, якія адрозніваюць Міёрскі раён ад іншых турыстычных месцаў Беларусі.

 

Брэнд "Міёрскі край" (лагатып раёна і іншыя дызайн-элементы, распрацаваныя ў адзінай канцэпцыі) дапаможа данесці пазіцыянаванне і замацаваць вобраз Міёрскага раёна на візуальным узроўні ў свядомасці патэнцыйнага турыста. Інакш кажучы, задача ўкаранення брэнда ‒ каб словазлучэнне "Міёрскі раён" ("Міёрскі край") у свядомасці патэнцыйнага турыста аўтаматычна выклікала пэўны яскравы вобраз (брэнд) і пэўныя чаканні ад паездкі (пазіцыянаванне).

Замацаванне такой асацыяцыі праз пабудову камунікацыі з мэтавай аўдыторыяй на аснове адзінага брэнда і канцэпцыі пазіцыянавання дазволіць ёй спрацаваць і ў адваротны бок: калі спажывец захоча адчуць пэўныя эмоцыі і атрымаць пэўныя ўражанні, ён успомніць менавіта пра Міёрскі раён. Яскравыя вобразы, якія запомніліся, дапамогуць спажыўцу лёгка знайсці ў сеціве патрэбную інфармацыю, і яна будзе датычыць менавіта Міёрскага раёна.

 

ДЗЕ ТРЭБА ВЫКАРЫСТОЎВАЦЬ РЭКАМЕНДАЦЫІ, РАСПРАЦАВАНЫЯ Ў БРЭНДБУКЕ?

1. ва ўсіх рэкламных матэрыялах, якія прыцягваюць турыстаў у Міёрскі раён;

2. на ўсіх інтэрнэт-пляцоўках, дзе адбываецца прэзентацыя, абмеркаванне ці інфармаванне пра такі турыстычны напрамак, як Міёрскі раён;

3. ва ўсіх фізічных аб'ектах турызму Міёрскага раёна;

4. на святах, фестывалях і кірмашах, якія арганізоўваюцца ў Міёрскім раёне і нацэленыя на прыцягненне турыстычнага патоку;

5. на сувенірнай і прома-прадукцыі;

6. пры вырабе ўнікальных кулінарных прадуктаў, што адрозніваюць Міёрскі раён і звязаныя з яго балотамі, якія могуць стаць элементам сувеніра.

 

 
  

Брэндбук Міёрскага краю_файлы (скачаць)

 

Брэндбук Міёрскага раёна распрацаваны у рамках праекта "Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці", які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Міёрскім раённым выканаўчым камітэтам, грамадскай арганізацыяй "Ахова птушак Бацькаўшчыны" і Латвійскім Сельскім Форумам.