Брэндбук Міёрскага раёна
НАВОШТА ПАТРЭБНЫ БРЭНДБУК?
Брэндбук Міёрскага раёна распрацаваны крэатыўным агенцтвам "Малако" з мэтай пазіцыянавання раёна ў турыстычным кантэксце.
Пазіцыянаванне раёна дапаможа зразумець кожнаму, хто будзе ладзiць турызм у Міёрскім раёне, як менавіта падаваць раён, каб яго вобраз станавіўся цэласным у свядомасці мэтавай аўдыторыі (патэнцыйнага турыста Міёрскага краю). Пры гэтым пазіцыянаванне дапаможа расказаць пра галоўныя турыстычныя славутасці, якія адрозніваюць Міёрскі раён ад іншых турыстычных месцаў Беларусі.
Брэнд "Міёрскі край" (лагатып раёна і іншыя дызайн-элементы, распрацаваныя ў адзінай канцэпцыі) дапаможа данесці пазіцыянаванне і замацаваць вобраз Міёрскага раёна на візуальным узроўні ў свядомасці патэнцыйнага турыста. Інакш кажучы, задача ўкаранення брэнда - каб словазлучэнне "Міёрскі раён" ("Міёрскі край") у свядомасці патэнцыйнага турыста аўтаматычна выклікала пэўны яскравы вобраз (брэнд) і пэўныя чаканні ад паездкі (пазіцыянаванне).
Замацаванне такой асацыяцыі праз пабудову камунікацыі з мэтавай аўдыторыяй на аснове адзінага брэнда і канцэпцыі пазіцыянавання дазволіць ёй спрацаваць і ў адваротны бок: калі спажывец захоча адчуць пэўныя эмоцыі і атрымаць пэўныя ўражанні, ён успомніць менавіта пра Міёрскі раён. Яскравыя вобразы, якія запомніліся, дапамогуць спажыўцу лёгка знайсці ў сеціве патрэбную інфармацыю, і яна будзе датычыць менавіта Міёрскага раёна.
ДЗЕ ТРЭБА ВЫКАРЫСТОЎВАЦЬ РЭКАМЕНДАЦЫІ, РАСПРАЦАВАНЫЯ Ў БРЭНДБУКЕ?
1. ва ўсіх рэкламных матэрыялах, якія прыцягваюць турыстаў у Міёрскі раён;
2. на ўсіх інтэрнэт-пляцоўках, дзе адбываецца прэзентацыя, абмеркаванне ці інфармаванне пра такі турыстычны напрамак, як Міёрскі раён;
3. ва ўсіх фізічных аб'ектах турызму Міёрскага раёна;
4. на святах, фестывалях і кірмашах, якія арганізоўваюцца ў Міёрскім раёне і нацэленыя на прыцягненне турыстычнага патоку;
5. на сувенірнай і прома-прадукцыі;
6. пры вырабе ўнікальных кулінарных прадуктаў, што адрозніваюць Міёрскі раён і звязаныя з яго балотамі, якія могуць стаць элементам сувеніра.
Брэндбук Міёрскага краю (скачаць)
Брэндбук Міёрскага раёна распрацаваны у рамках праекта "Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці", які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Міёрскім раённым выканаўчым камітэтам, грамадскай арганізацыяй "Ахова птушак Бацькаўшчыны" і Латвійскім сельскім форумам.